УЛЬТРАГУКАВЫ́ КАПІЛЯ́РНЫ ЭФЕ́КТ,

анамальнае павелічэнне скорасці руху і вышыні падымання вадкасцей у капілярах ад уздзеяння ультрагуку. Адкрыты Я.Р.Канавалавым (1961).

Абумоўлены акустычнай кавітацыяй. Максімальна выяўляецца, калі раўнадзейная кумулятыўных патокаў, што ўтварыліся пры знікненні кавітацыйных бурбалак, накіравана ўнутр капіляра. Дае магчымасць запоўніць найменшыя адтуліны і капіляры, напр., пры паянні, вырабе герметызаваных прылад і ўстановак, а таксама ўплываюць на хуткасць фільтрацыі вадкасцей, працэсы склейвання і прамочвання розных матэрыялаў і інш. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы, медыцыне, біялогіі, хіміі і інш.

Літ.:

Прохоренко П.П., Дежкунов Н.В., Коновалов Г.Е. Ультразвуковой капиллярный эффект. Мн., 1981;

Кувшинов Г.И., Прохоренко П.П. Акустическая кавитация у твердых поверхностей. Мн., 1990.

П.​П.​Прахарэнка.

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)